НОВОСТИ по годам:

0 | 1991 | 1992 | 1993 | 1994 | 1995 | 1996 | 1997 | 1998 | 1999 | 2000 | 2001 | 2002 | 2005 | 2006 | 2007 | 2008 | 2009 | 2010 | 2011 | 2012 | 2013 | 2014 | 2015 | 2016 | 2017 | 2018 | 2019 | 2020 | 2021 | 2022 | 2023 | 2024 |

ВСЕ НОВОСТИ

19 АПРЕЛЯ 2017 (Среда) 11:52:01

Минский приход иконы Божией Матери "Всех скорбящих Радость"

Сёння раніцай праваслаўная Польшча развіталася з архіепіскапам Уроцлаўскім і Шчэцінскім Іерэміяй. Адзін з буйнейшых багасловаў Польскай Праваслаўнай Царквы, уладыка ніколі не забываў пра свае беларускія карані і шмат зрабіў для наладжвання стасункаў паміж польскімі і беларускімі праваслаўнымі вернікамі.
Сваімі ўспамінамі пра архіепіскапа Іерэмію з намі падзяліліся члены мінскага брацтва ў гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, якое шмат супрацоўнічала з уладыкам.
Кастусь Антановіч, братчык:

Упершыню я сустрэўся з уладыкам Іерэміяй у нашым брацкім доме “Кінанія” падчас аднаго з яго візітаў у Мінск. Мы тады якраз рыхтавалі да друку кнігу “400 гадоў у Праваслаўі”, прысвечаную Петрапаўлаўскаму сабору, і ў мяне было даручэнне зрабіць з уладыкам інтэрв’ю. Мы паразмаўлялі пра адраджэнне духоўнасці на пачатку 1990-х, пра тое, як ён бачыў наш Петрапаўлаўскі сабор і ўвогуле тыя падзеі, якія адбываліся на Беларусі ў той час. Пагутарылі роўнеж пра супрацоўніцтва польскіх і беларускіх праваслаўных вернікаў, пра супольныя паломніцкія візіты моладзі на святую гару Грабарку.

Магу сказаць, што ён вельмі клапаціўся пра беларуска-польскія стасункі, бо сам ён – этнічны беларус. Прыгадваю, што размаўлялі мы з ім на беларускай мове – канешне, яму прыходзілася падбіраць словы, але ён не забываўся мовы. Яшчэ важна, што ён з любоўю і цеплынёй ставіўся да моладзі. Ён лічыў, што вельмі важна, каб моладзь далучалася да Царквы, і бачыў пагрозу ў сучасных працэсах у свеце, калі моладзь абстрагуецца ад Царквы. Таксама магу сказаць, што ён быў вельмі цудоўны багаслоў і мы выбралі адну з яго пропаведзяў для часопіса “Праваслаўе”. Падчас другой сустрэчы з ім, калі ён прыязджаў, мы падарылі яму гэты часопіс, і ён быў усцешаны тым, што яго слова прагучала па-беларуску.

Падчас яго другога візіту, у 2015 годзе, ў прыходскім доме Петрапаўлаўскага сабора адбылася яго сустрэча з братчыкамі. Было цікава, што ён дзяліўся сваімі развагамі пра лёс Праваслаўнай Царквы ў свеце, пра прычыны ганенняў на Праваслаўную Царкву. Ён быў чалавекам надзвычай эрудыраваным і супрацоўнічаў з рознымі сусветнымі хрысціянскімі арганізацыямі, цудоўна ведаў айца Віталія Баравога (беларускі багаслоў 20 ст. – прым.рэд.) і дзяліўся сваімі ўспамінамі пра яго. Магу сказаць, што ён быў вельмі прыемным у зносінах чалавекам і я рады, што падчас яго апошняга візіту мяне папрасілі быць яго кіроўцам, адвозіць уладыку на службу і ў Кінанію. Пра ўладыку ў мяне засталіся толькі цёплыя ўспаміны.

Не стала вялікага беларуса. І самае галоўнае, што ён не адрываў сябе ад Беларусі, ад беларускага народа.

Лідзія Кулажанка, братчыца:

Уражвала, што ва ўладыкі Іерэміі быў свой падыход да ацэнкі многіх падзей, як царкоўных, так і грамадскіх. Ён заўсёды незалежна выказваў свае думкі, глыбокія і сутнасныя, якія былі для нас, пачаткоўцаў, даволі дзіўнымі і нечаканымі. Мы здзіўляліся яго шырыні поглядаў. Яго праца ў міжнародных царкоўных арганізацыях, напэўна, якраз спрыяла яго фарміраванню як вельмі глыбокага багаслова, схільнага да шырокіх абагульненняў, асэнсаванняў, а таксама да ўсталявання кантакту з іншымі хрысціянскімі канфесіямі.

Першая наша сустрэча з уладыкам была у 90-я гады, калі адчувалася матэрыяльная нястача. Падчас сустрэчы нейкі чалавек задаў пытанне – уладыка, што рабіць, калі людзі звяртаюцца за дапамогай, часам нават і ў Царкву, не атрымліваюць яе і пачынаюць абурацца? Уладыка адказаў: ніяк не трэба апраўдвацца, трэба проста ўзяць і дапамагчы канкрэтнаму чалавеку. Калі ён яшчэ не знаходзіцца на ўзроўні духоўнага пошуку, трэба проста ўзяць і матэрыяльна яму дпамагчы, як можаш.

Уладыка быў не проста добрым багасловам, ён таксама быў здольны паўдзельнічаць у нейкай дапамозе людзям. Дарэчы, ён арганізоўваў для беларускіх дзяцей з чарнобыльскай зоны летнікі ў Польшчы.

Канешне, мы з вялікім жалем даведаліся пра яго спачын. Калісьці ён даў такое благаславенне на наш часопіс “Праваслаўе”: “Для жыцця свету і чалавеку патрэбна ісціна, справядлівасць і прыгажосць. У Царкве ёсць усё неабходнае для жыцця, праблема нашага часу – дзейснае спавешчанне пра гэта людзям, якія ніколі не чулі пра Хрыста. Часопіс “Праваслаўе” сведчыць пра ісціну Евангелля. Няхай благаславіць Збавіцель Гасподзь наш Ісус Хрыстос супрацоўнікаў і чытачоў часопіса, даруе радасць пазнання свету Божага”.

Мікола Матрунчык, старшыня брацтва:

Маё знаёмства з уладыкам адбылося на пачатку 90-х гадоў, калі наша брацтва ўпершыню пачало наведваць праваслаўную Беласточчыну. Мы толькі пачалі сваю дзейнасць, і таму нам было вельмі важна пазнаёміцца з досведам іншых праваслаўных брацтваў, у асаблівасці брацтва праваслаўнай моладзі Польшчы. Калі мы сустрэліся з кіраўніцтвам брацтва, лідары праваслаўнага брацкага руху Беласточчыны сказалі нам, што ніколі б не ўзнікла іх брацтва, калі б не было самаахвярнай падтрымкі з боку ўладыкі Іерэміі. У той час менавіта яго сустрэчы з моладдзю, развагі, казанні падчас паломніцтваў на святую гару Грабарку і іншых мерапрыемстваў прывялі да таго, што вельмі шмат людзей пачалі, як гэта было шмат год таму на нашых землях, аб’ядноўвацца для таго, каб служыць Царкве. Безумоўна, тады і мне самому стала вельмі цікава сустрэцца з архіепіскапам Іерэміяй, і ў хуткасці такая сустрэча адбылася. Мы пазнаёміліся з ім у межах праекта “Прымірэнне ў Еўропе і задачы Цэркваў Усходняй Еўропы”, і з таго часу ў нас завязалася супрацоўніцтва і сяброўства.

Па ўладыку было відавочна бачна дзве прыроды чалавека – незямную Божую і жывую чалавечую. Ён быў вельмі шматгранным, выконваў абавязкі прапаведніка, архіерэя, адміністратара, дырэктара, і рэдка каму ўдаецца пра пагружэнні ў такую штодзённасць кожны момант адлюстроўваць і чалавечую прыроду, адкрытую і Богалюбівую, і пры гэтым мець у сябе нешта незямное. Уладыка быў гатовы, як апосталы, прыслужваць людзям за любой трапезай, сустрэчай, і гэта адбывалася ў яго вельмі арганічна.

Аднойчы скончылася адна з канферэнцый у Мінску, у якой удзельнічаў уладыка. Ён не пажадаў заставацца ў гатэлі начаваць яшчэ адну ноч, сказаў, што лепш гэтыя грошы пакінуць царкве, але згадзіўся ісці начаваць да мяне на кватэру і нават быў рады магчымасці пагутарыць і пабыць разам. Я тады быў вельмі здзіўлены гэтай сціпласцю ўладыкі, бо ён пагадзіўся змяніць вельмі камфортныя ўмовы на нешта значна больш простае. Але, калі наш мітрапаліт Філарэт дазнаўся пра гэта, ён, канешне, адразу даў распараджэнне, каб ўладыка ехаў начаваць у экзархат, і так і не атрымалася нам правесці яшчэ адну ноч у размовах ды развагах.

З самага пачатку мы ставілі сябе як менавіта беларускае праваслаўнае брацтва, і я адразу засведчыў гэта пры знаёмстве з уладыкам і дальнейшай дзейнасці. Таму не абыходзілася ні адной сустрэчы без размоваў пра гэта. Аднойчы ўладыка вельмі падрабязна расказваў пра сваё паходжанне, пра вёску Адрынкі, і ўвесь час падкрэсліваў, што ён нарадзіўся на тым баку вясковай рэчкі, дзе жылі беларусы, і таму лічыў сябе беларусам.

Усе 20 год нашага знаёмства мы пастаянна дзяліліся з ім інфармацыяй пра тое, чым займаецца брацтва. Уладыка вельмі глыбока вывучаў жыццяпісы беларускіх святых: мы з ім некалькі разоў былі ў Кіева-Пячорскай лаўры, і ён мне вельмі падрабязна распавядаў, як жыццяпіс таго ці іншага пячорскага святога звязаны з Беларуссю. Таксама ён вельмі цікавіўся навамучанікамі і аднойчы папрасіў мяне прывезці ікону аднаго беларускага навамучаніка, каб падараваць сваёй хроснай дачцэ. Важна і тое, што ўладыка, хоць і цікавіўся культурай ды гісторыяй Беларусі, заўсёды разглядаў усё гэта як частку сусветнага Праваслаўя. Добра, што мы ўсё гэта шануем, вывучаем, але трэба не сысці ў нейкую местачковасць, каб услед за гэтым шанаваннем мы не перасталі бачыць сутнаць усяленскага Праваслаўя.

Надзея Філіпчык

/ sobor.by/  Фота: orthodox.pl

При использовании материалов сайта гиперссылка на sobor.by обязательна.

НОВОСТИ ПО ТЕМАМ:
Международные связи
1-May-2022
В Минске состоялось Общее Собрание Международного благотворительного общественного объединения «ЭкоСтроитель»
9-Mar-2021
Развитие сотрудничества в социальной сфере с немецкими коллегами обсудили в минском Радосте-Скорбященском приходе
5-Jan-2021
Белоруска, певшая в церковном хоре прихода «Всех скорбящих Радость» победила в испанском телеконкурсе «Голос 60+»
26-Jun-2020
Вопросы профессионального образования людей с ограниченными возможностями обсудили в Беларуси и России.
28-Jan-2020
В Минской духовной академии состоялись публичные лекции известных богословов из Германии
Интервью
23-Mar-2024
Программа Белорусского телевидения «СИЛА ВЕРЫ» взяла интервью у священника прихода храма иконы Божией Матери «Всех скорбящих Радость» протоиерея Виктора Мельникова
18-Mar-2024
Программа "Сила веры" рассказала о премии "За духовное возрождение". В числе первых награжденных - протоиерей Игорь Коростелев
13-Mar-2024
26 января в эфир на телеканале "Беларусь 3" вышла программа "СИЛА ВЕРЫ", посвященная знакомству с Минским приходом храма иконы Божией Матери "Всех скорбящих Радость"
26-Dec-2023
ВРЕМЯ ДУХОВНОГО ВОЗРОЖДЕНИЯ
21-Dec-2023
Интервью светлой памяти протоиерея Сергия Гордуна - в программе "Сила веры" рассказывает протоиерей Игорь Коростелев
Беларуская мова
21-Mar-2021
17-18 красавіка брацтва свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска запрашае ў паломніцтва ў Мікольскі жаночы манастыр горада Магілева
18-Mar-2021
20 сакавіка пачынаюцца заняткі Шахматнага клуба ў мінскім приходе іконы "Усіх тужлівых Радасць"
16-Mar-2021
Пры моладзевым брацтве Уладзіміра Хіраска пачаў сваю работу турыстычны клуб
16-Mar-2021
Першая вандроўка праваслаўнага турыстычнага клуба "Алеут" - 21 сакавіка мінскую моладзь запрашаюць наведаць філіял музея Янкі Купалы
9-Mar-2021
Як мінскае моладзевае брацтва Уладзіміра Хіраска адзначыла Масленіцу. Хочаш гэтак жа - далучайся!

ВСЕ НОВОСТИ

ВСЕ НОВОСТИ ЭТОГО ДНЯ:
“Не стала вялікага беларуса”. Успаміны пра ўладыку Уроцлаўскага Іерэмію
В минских Социальных мастерских состоялся пасхальный концерт


Rambler's Top100 Рейтинг@Mail.ru Akavita RATING ALL.BY

© www.sobor.by 2004-2008.